Яны бяруць аўтобус прыступам,
загартаваўшыся з вайны
глядзець на транспарт не турыстамі
і ўвагай не ўзвышаць чыны.
Амаль у кожнай — профіль правільны
(разьба па дрэве — ўсе сучкі,
усе шурпацінкі, каравінкі
зашліфавалі ім вякі...).
Ва ўборах старадаўняй злагады,
у пацерках слязы, расы
яны імчацца сёння ў ягады
ў свае траскучыя лясы.
Штанцовую дзяўчынку высмеюць,
патлаціка ўскубнуць наспех...
Зірнеш — у крук сагнула, высмягла,
а не зліняў з аблічча смех.
Аўтобус, як ён не разваліцца,
губляе бабак, як гарох...
I выступае перад «мальцамі»
мясцовы нейкі скамарох.
А рогат смелы ўсё зыначвае.
I хіба ўспомніш праз гады,
што бабкі — гэта ж маткі нашыя...
Паўсюль. Бясстрашна. Назаўжды.
Пераклад Рыгора Барадуліна