Вершы пра маці

Мама, мацi, матуля...

Да мамы

Да мамы

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Я так баялася спазніцца
У родны кут пад споведзь стрэх,
Дзе маміна пяшчота сніцца,
Крыніцай б’е бабульчын смех.
Туды, дзе жвавая дзяўчынка
Скакала з доўгаю касой,
Ляцела птушкай без упынку
Спякотай дзён, начэй расой.
Спяваў мне песні ўдзень і ўвечар
Матульчын голас дарагі,
Ды патануў той сум у вечнасць,
Прайшоў наскрозь праз берагі.
Я ў зязюлькі запытаю,
Пазычыць вёсны, а ці не.
Вясну для мамы напаткаю,
Якая сэрца ёй кране.
Лагоднай стану, паслухмянай,
Што скажа, буду ўсё рабіць.
Не пакідай мой бераг, мама,
Мне без цябе не пець, не жыць.
Ты — мая доля, мая сіла,
Скарбонка лепшых маіх мар —
Мая гаротная, руплівая,
Ты — сховішча ад чорных хмар.
Мая прыгожая, ласкавая,
Жыцця крыніца і парады,
Я не знайду такую самую.
Ніхто мне так не будзе рады...