Дзе хорошэ ў хаці….
З палескай песні
Аддай мяне, любая маці,
Дарозе, прызначанай Богам.
Не трэба на лёс наракаці,
Калі ўжо дачка за парогам.
Аддай мяне долі й нядолі,
Аддай мяне зімам і летам.
Там птушкаю буду на волі
Ці ў цемры –струменьчыкам светлым.
Няхай не здаюцца слязамі
Дажджы вераснёвай парою.
Трывожныя сны туманамі
Растануць у рэках спакою.
За грэшную зрэдку маліся.
Любоў твая—мне засцярога.
Яшчэ папрашу—адзавіся,
Калі пагукаю з дарогі.