Веснічкі. Вярба. Калодзеж. Сені.
Не страчаеш. Ў хату не завеш.
Самі стол паставілі і селі.
А бліны дзе? Не, не прынясеш.
А вазонаў! Па табе сумуюць.
Ты іх не прыходзіш паліваць.
Кнігу на стале тваю святую
Не бярэ ніхто больш пачытаць.
Шафа рук  тваіх цяпла чакае,
Печ даўно ніхто ўжо не паліў.
Певень недабудзіцца – спявае.
І Дружок  твой голас не забыў.
Зноў калодзеж. Веснічкі. Машына.
Крыж ля плоту – абярэг людзей.
“ У імя  Айца, у імя Сына…”
Нас з малітвай тата правядзе.