Яна заўсёды на сябе ўсё брала,
Каб толькi дзецям болей адпачыць.
Палола, жала, ткала, абшывала
I пазычала дня яна ў начы.
За ёй iшлi мы i вясной, i ўлетку,
Дапамагалi, як маглi не раз.
Яна ж казала: "Адпачнiце, дзеткi,
Я спраўлюся з работаю без вас.
Няхай зязюлька вам гадоў налiча,
Не гнуцца вам патрэбна, а расцi.
Калi мне будзе цяжка, я паклiчу..."
Ды клiч той не пачулi пры жыццi.
Было вясною неба без аблокаў,
Блакiтнае – як хочацца зiрнуць!
Яна плыла у вырай свой далёкi,
Адкуль нiякiм крыкам не вярнуць.
Прыеду, пастаю каля пагорка.
Цвiце даўно не першая вясна.
На сэрцы i балюча мне, i горка.
Яна i там спраўляецца адна.
Перад вачыма роднае аблiчча,
Яно адводзiць хмары i бяду.
Яна паклiча, ведаю, паклiча,
I я пайду, як верны сын пайду...