Я слаўлю мамы светлае імя –
Пяшчотнае, нібыта яблынь квецень.
Матулінага сэрца цеплыня
Нас сагравае лепш за ўсё на свеце.
Я слаўлю мамы светлую душу,
Якая разумее нас з паўслова.
Я толькі маму памагчы прашу,
Калі жыццё паставіцца сурова.
Я слаўлю позірк маміных вачэй,
Якія бачаць, што нам невядома.
Даруйце боль праплаканых начэй,
Калі нас доўга не бывае дома.
Я слаўлю маму, бо яна – як Бог –
Усім прабачыць і усё даруе,
Яна для нас сабою ахвяруе,
Як аніхто пакуль яшчэ не змог.