На Беларусі, між бароў,
У змрочнай хаце дзень і ноч
Чакае маці трох сыноў,
I смутак не сыходзіць з воч.
Чакае маці. Безліч дум
Ёй не даюць спакою, сна:
Ці грукне лёд, ці лесу шум —
Бяжыць старая да акна...
Быў чэрвень. Першы дзень вайны.
Над вёскай бомбы загулі,
I з роднай хаты тры сыны,
Тры камсамольцы ў бой пайшлі.
Пайшлі на бой за родны край:
Старэйшы сеў на грозны танк, —
А двух малодшых цёмны гай
Прыпяў як храбрых партызан.
Вайна заўсёды боль нясе,
Цяжкі ў братоў, суровы пуць...
Чакай жа, маці, хоць не ўсе,
Але хлапцы твае прыйдуць.
Ты чуеш, родная, парой
Марозны небасхіл гудзе, —
То сын адважны і герой
Машыну грозную вядзе.
Ні загароджы, ні равы
Не могуць сіл яго стрымаць,
Ён біў фашыстаў ля Масквы, —
Цябе спяшаецца абняць.
Ты чуеш, маці, як гудуць
Бары ў зімовы позні час?
Уважлівай, спакойнай будзь,
Паслухай сэрцам іхні сказ.
I каб магла ты зразумець
Гамонку сосен і ялін, —
Пачула б ты, што мужна смерць
За Беларусь прыняў твой сын,
Што пахаваў яго атрад
Як друга лепшага свайго,
Што помсціць кляўся родны брат
I ўсе таварышы яго.
I спраўдзяць. Будзе ведаць свет
Аб справе слаўных змагароў,
Што разлічыліся як след
За боль тваю і сына кроў.
Не плач жа, маці, ты ўначы,
Хай маткі катаў слёзы льюць,
Браты, насустрач ідучы,
Ўжо хутка рукі пададуць.
Навек прагнаўшы чужаніц,
Дахаты прыйдуць, дзе ўзраслі,
I вы пад звон азёр, крыніц
Па вольнай пойдзеце зямлі.