Высока на ўзгорку,
Між сосен і хвой,
Хаціна малая
Стаіць над ракой.
Далёка дарога
З той хаты відна,
Жыве ў ёй
Старэнькая маці адна.
Праз вокны на шлях
Паглядае штодзень, —
А можа, хто едзе,
А можа, хто йдзе!
А потым падыдзе
Ціхом да сцяны —
На картках там
Дочкі яе і сыны.
Каторая — з дзіцем,
Каторы — з сям'ёй,
Каторая — ў школе,
Каторы — герой!
I маці ўздыхае,
Бо помніць яна,
Калі з іх каторы
Хадзіць пачынаў.
Яшчэ прыгадала,
I пала сляза,
Якое хто першае
Слова сказаў.
Былі яны разам
У тыя гады,
Цяпер разышліся,
Каторы куды!
Якому ж раней
Напісаці сынку?
У Кіеў,
У Фрунзе,
У Мінск
Ці Баку?
I выхад у сэрцы
Старая знайшла —
Пісала б адразу,
Каб толькі магла.
Прыйдзе лістаносец
I пісьмы падасць,
Не знае, якое
Раней прачытаць?
Ці з Омска
Ад Галі,
Ці з Фрунзе Фамы,
Ці з Бранска
Ад Валі,
Ці з Мінска Кузьмы?
I выхад у сэрцы
Старая знайшла —
Чытала б адразу,
Каб толькі магла!
Ды ўсіх прыгадаўшы
Дачок і сыноў,
Прыпомніць нямала
Яна гарадоў.
Успомняцца стэпы,
I пушчы, і бор,
I горы,
I моры,
I зорны прастор.
I ўсе гэты месціны
З ёю жывуць...
Бывае,
Што разам
Пасылкі прыйдуць.
Адкрыўшы, старая
Хвалюецца шмат:
Хто выслаў хусціну,
А хто вінаград.
I стане на сэрцы
Тады весялей
За добрыя весці
Ад родных дзяцей.
Да вокнаў падыдзе
Ўсё з думкай адной —
Часцей бы іх бачыць
У хаце сваёй!