Калі трымае маці на руках
Свайго малога, мне здаецца — маці
Трымае чалавецтва, што ў вяках
Жыве, як светлы дух у гэтай хаце.
Калі ўзрывае цішу самалёт,
Ламаючы бар'еры гукавыя,
Здаецца, што з усіх зямных шырот
Глядзяць трывожна ў неба ўсе жывыя.
Калі ён сядзе з грузам дамавін,
I маці зразумее, што ніколі
Не выйдзе з металічнай хаты сын,
I загалосіць: «Мой жа ты саколік...» —
Чым гэты слёзы можна акупіць,
Якім — зямным альбо нябесным — раем?..
Пясок ля ямы ад слязы кіпіць,
Зямля — наскрозь, навылет — прагараю.