Дабранач, мамачка, вітаю!
Даруй, што доўга не пісаў,
Бо шмат апошнім часам спраў.
Я ў снах лятаць не перастаў.
Расту, відаць, калі лятаю...
Я, як раней, -- дзівакаваты:
Люблю маленства калыханку,
Люблю завею, дождж, маланку,
Цярплю гарэзна прыпяканку –
Ды добра ведаеш сама ты!
Лятаю я ў блакітных снах.
І дзякуй богу, што у сне.
Наяве часта цяжка мне,
Як цяжка снегу навясне.
Бо я душою вольны птах.
Кружыў і над азерцам-кругам,
Якога ўжо няма даўно.
Ты там бяліла палатно.
Успомніш – як і не было...
Нырца давалі качкі цугам...
А то прымроіцца, бывае,
Старая хатачка-нябога –
Блішчыць жаўцюткая падлога,
З кута ліецца ўсмешка Бога,
А ты так голасна спяваеш!
Жыцця святога непаўторнасць
На сэрца жалю навяла.
Тужу без роднага сяла...
Зноў ночка мройная сплыла –
Майго маленства незваротнасць.
Сярпок на небе, як калыска,
Люляе зорачкі высока.
Буслянкі сніў радзіннай клёкат...
Ты, мама, снішся мне здалёку,
Але ты блізка, вельмі блізка!