Змярканне лепіць цень да столі.
Малы, цягнуся, каб схапіць
ружовы бохан спелай поўні,
на срэбры пальцы сашчапіць.
Матулін твар усмешкай ззяе.
I шчасця шчырая сляза
як долу падае — ўзрастае
дзівоснай кветкай хараства.
I песцяць стомленыя вочы
спакой маленькага сынка...
Ужо змяніў світанак ночку,
а матчына не спіць рука.