Над намі тостаў не гукалі.
Калі жыццё мы пачалі,
Адны матулі даглядалі
I гэтак шчыра, як маглі.
Не пакідалі нас ніколі,
На працу неслі на руках —
Пад гоман жыта ў жніўным полі
Лажылі спаць у таганах.
А змрок садзіўся вечаровы —
Ім не прыходзіў ціхі час:
У той калысцы у ліповай
Яны ўсю ноч гуталі нас.
Над прыпекам пялёнкі грэлі,
Памыўшы з попелам вадой,
Калі ў маленькіх шыі прэлі,
Дык прысыпалі парахнёй.
Каб маці нашыя ў хаціне
Не зналі ў працы перашкод, —
Нам суслам з хлеба й сахарыны
Надоўга затыкалі рот.
А выпадала — пакідалі, —
Ці мала ў вёсцы розных спраў, —
Нас паясамі спавівалі,
Каб кожны ціхенька ляжаў.
Ды паясы нас не стрымалі,
I нам прыходзіў час устаць —
Мы на іржышчы пачыналі
Нагамі босымі дыбаць.
Мы свет страчалі з хваляваннем,
Усё здзіўляла нас кругом:
I тое першае спатканне
З сабакам, пеўнем і катом,
I чырвань яркая зарніцы,
I чорнай ночы цішыня,
I бору шум, і звон крыніцы,
I першы роскат перуна.
А дні праходзілі за днямі,
Мацней стаялі на нагах —
I мы, памыўшыся дажджамі.
I мы, абцёршыся вятрамі,
Выходзілі ў далёкі шлях.