Сказаўшы “Досыць!” адзіноце,
Па шаўкатраў’ю, па расе,
Ідзе жанчына і жывоцік -
Свой найвялікшы скарб - нясе.
Усмешка – сонейкам на твары,
Хоць і не лашчыцца жыццё:
Кахала моцна – а без пары…
Але - дзіцё! Яе дзіцё!
Яно ўнутры гуляе-б’ецца,
Чакае часу – ў свеце жыць…
Яго маленечкае сэрца
Трапяткай птушачкай дрыжыць.
Мо там – дачка? А мо – сыночак?
Абраць бы лепшае імя!
А колькі дзён і колькі ночак
У светлых марах правяла!
Якім яе малютка будзе –
У год… у тры… у дваццаць пяць?
Ці неяк выб’ецца ў людзі?
Ці будзе маці шанаваць?
Яна ўжо дзіцятка кахае!
Ажно пяе пад ёй зямля!
Ў руках жывоцік калыхае –
Нібы люляе немаўля!
Мо і глядзіць хто-небудзь скоса:
“Што, нагуляла – і адна?”
Але яна плыве па росах,
Нібы зачаўшая вясна…
І што ёй плёткі і зласлоў’е?
Яны развеюцца, бы дым…
А вось напоўненнасць любоў’ю
Не параўнаецца ні з чым…