Сцішэлі водгукі вайны…
Зжаўцелі фота ў альбомах…
А маці тыя ж бачыць сны –
Як сын вяртаецца дадому.
Вось там, далёка… Між палёў…
Няўжо не ён сцяжынкай крочыць?
Сыночак! Родненькі! Дамоў!
Нарэшце, ўсё ж не маняць вочы!
Ды свет ахутаў туманом –
І пахіснулася прастора…
А як чакала! Дзень за днём!
А колькі слёз праліла – мора!
Усё выглядала ўскрай сяла,
Не зачыняла нават дзверы…
Чаканнем толькі і жыла,
Ды успамінамі, ды верай.
Свае каханне праз гады,
Нібы свяцільню, ціха несла…
Яно ў сэрцы – назаўжды,
І там яму не будзе цесна…
Няўжо пачуў малітвы Бог,
Пашкадаваў: ”Матуля, годзе”?!
Няўжо жывы яе сынок,
Нібыта ў цемру не ўходзіў?!
Душа ірвецца ўжо ляцець
І ледзь трымаецца за цела…
Хутчэй да сыначкі – сустрэць!
Ды ногі квёлыя здранцвелі…
Яна крычыць: “Сыночак мой!””
Хусцінку сцягвае на плечы…
Змятае сон… А перад ёй –
Ізноў… Ўсё тая жа пустэча…