Захварэла мама,
Моцна захварэла —
Страшна, нечакана
Вестка прыляцела.
Ты даруй мне, мама, –
Зноў я правініўся:
За цябе аддана
Богу не маліўся.
Ты ж – як жыў бязвольна,
Як грашыў нямала –
За мяне ў касцёле
«Ойча наш» чытала.
Вінаваты, мама,
Вельмі вінаваты...
Ты даруй мне, мама,
За мой шлях гарбаты.
Божа, мілы Божа,
Жыць павінна мама!
Божа, як трывожна,
Як жа нечакана...