Вершы пра маці

Мама, мацi, матуля...

Іх вечныя агні

Іх вечныя агні

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Да болю можа кожны прыцярпецца
I да няшчасця, толькі не яны,
Што страцілі дзяцей...
Гарыць для іх цяпельца
На тым далёкім беразе вайны.

Ці зойдзе сонца, ці на дзень займецца,
Адны сярод вялікай цішыні
Старыя маці ў печах старасвецкіх
Штодзённа паляць вечныя агні.

У печах, быццам небасхіл, паўкруглых
Зара ўсё разгараецца ярчэй.
А за акном — свет цёмны і аглухлы,
А пры агні суцішней і лягчэй.

I бульбу абяруць, і ўсё згатуюць,
Пасля сядзяць, пакуль не грукне дзень.
Апроч дзіцячых галасоў, не чуюць
Нічога...
Толькі полымя гудзе.

Уюцца каснікі агню і скачуць,
I твары узнікаюць з небыцця.
Цалуюць іх кабеты, ціха плачуць
I не клянуць самотнага жыцця.