Цяжкое партызанскае качэўе,
Ад выбухаў у лесе ўсё гуло.
У цёмных ямах, у глухіх карчэўях
Хавалася ад карнікаў сяло.
Там маці маладая з белым скруткам,
З дзіцём, сядзела ў роспачы цяжкой;
Таўкала ў рот яму худую грудку,
Бязбожніца, малілася цішком.
I кожны думаў: выдасць, выдасць крыкам,
Але ні слоўца, ні папроку ўслых.
Маўклівай просьбай, страшнай і вялікай,
Здавалася, гарэлі вочы іх.
Праз дзень ці два не трэба ўжо хавацца,
I так усім хацелася ім жыць.
I на парозе чорнага вар’яцтва
Яна была гатова задушыць...
Прайшлі гады...
Глядзіць на сына з ласкай:
Высокі, дужы, і два ўнукі ёсць;
Расказвае малым, нібыта казку,
Пра партызан, блакаду, маладосць.
Гатуючы сняданкі і абеды,
Перабірае ў памяці гады.
I кожны раз жахаецца кабета:
«А што, калі б?..» — і млее ад жуды.