Якою прысніў ты маці
З далёкай зямлі маленства?
На полі з сярпом і песняй,
З усмешкай блакітнавокай.
Вядзе ў першы клас цябе горда,
Ты кветкі ў руцэ трымаеш.
Гармідар гусіны на ферме
I маці у белым халаце.
Парэпаны рукі цяжкія,
Ці ярка гараць завушніцы.
Ляжыць забітая ў снезе
Пад вогненным дымным небам.
Адна, пастарэлая ў горы,
Ці з добрым лагодным бацькам...
Якою прысніцца маці,
Такою і будзе песня.