Нібы той конь у пене,
Імчыць шалёны час.
Чаканне і цярпенне
Пакінулі ўжо нас.
Ніхто чакаць не хоча:
Хутчэй, хутчэй, хутчэй!
Нястача — заякочуць,
Памёр ты — прэч з вачэй
I з памяці...
Спагада
Ўжо дыхае ледзь-ледзь.
Закон у многіх хатах —
Хутчэй пабагацець...
Спагаду ў сэрцах мелі
Матулі ўсё жыццё.
Спагада — разумелі —
Святое пачуццё.
А як яны цярпелі,
Рабілі за дваіх;
За працаю гарбелі,
Гадуючы малых.
А як жа нас чакалі
Матулі з той вайны!
Што доля іх цяжкая,
Не енчылі яны...
Вось тут, пад гэтым небам,
Па-людску мы жылі.
Спагада сёння трэба
Лясам і ўсёй зямлі.
I кволай балаціне,
I рэчачцы малой,
Мужчыну і жанчыне,
Прыціснутым бядой;
I ўсім, хто добра робіць,
Жыве сумленна сам,
Хто лішняе не ўхопіць,
Не пазайздросціць вам.
I людзям небагатым,
I кожнай удаве...
Хай матчына спагада
Ва ўсіх у нас жыве.