Даіграў гарманіст,
Коні сена даелі...
«Прабачай, мой сынок,
Частавалі, чым мелі».
Пыл страсае з шынеля,
Засмучона глядзіць
I не ведае, родная,
Чым дагадзіць.
Змрок сцякае з акон,
Падыходзіць світанне.
Чым матулю суцешыць?
Што сказаць на расстанне?
Так заўсёды — гасціш,
А ў апошнюю хвілю
Раптам бачыш, што хата
Ужо стала пахілай.
Ад пакрыўленых сцен
Павявае дакорам —
Мала маці мы любім,
Рэдка ласку ёй дорым.
А яна ж лічыць дні,
Каб хутчэй дачакацца,
Хлебны квас прыгатуе
У ліпавай кадцы.
Печ пабеліць. Падлогу
Зробіць чыстаю, чыстай...
За акном разгараецца
Дзень прамяністы.
За акном вербалозы
Пад ветрамі гнуцца,
I шляхі несканчоныя
Стужкамі ўюцца.
Сэрца стала шчымець
Невыразнай трывогай.
«Ну, матуля, пара
Выпраўляцца ў дарогу.
Дык бывай, дарагая,
Аба мне не журыся,
Спі шчаслівыя сны
I чакай маіх пісем».