У шматгалосым гуле
Заблудзішся парой...
Балконы — шыльды вуліц
I выстаўкі двароў.
Наш горад на уздыме,
Дарос да хмараў ён,
I дбаюць гаспадыні
Пра кожны свой балкон.
У добрых, рупных жонак
Заўжды святочны лад —
I кветкі, і вазоны,
I дзікі вінаград.
Ніхто тут не пярэчыць —
Спявай, іграй, любі.
На вузкія парэнчы
Садзяцца галубы.
Тут ранак вельмі звонкі
Гадзін з шасці-сямі.
Як вымпелы, пялёнкі:
Прыбаўка у сям’і.
Заспаную падушку
Абвеяў вецярок.
Дубовая кадушка
На сонцы грэе бок.
Высока у надхмар’і
Спакусай дражняць нас
I кумпякі у марлі,
I тузіны каўбас...
Прыедзе з вёскі маці,
Нясмела зойдзе ў двор,
А дзе дачку шукаці —
Муры тут вышай гор.
А гляне на балконы —
I сэрца запяе:
Па посцілцы чырвонай
Кватэру пазнае...
Стаю ў двары зялёным,
Сумую нездарма:
Няма ў мяне балкона
I маці ўжо няма.