Падзякаваць трэба той матчынай песні,
Што ў калысцы ты слухаў не раз,
І з вуснаў яе, трапяткіх і гарачых
Заўсёды злятаў мілагучны той сказ.
І маці спявала ласкава і шчыра,
Каб буры было табе не чуваць,
У поцемках штосьці хуценька шыла,
Святло не запальвала, каб не спыняць
Салодкія сны дзіцяці малога,
Яскравыя, светлыя, ясныя сны.
І з песень матуліных родная мова
Цяплом адбівалася ў дзіцячай душы.
Падзякаваць трэба той матчынай песні,
З якой пачынаецца наша жыццё,
Жыццё роднай мовы ў маленечкім сэрцы,
Што стала вялікім, як свет, пачуццём.
Алена Лянок (http://stihi.ru/avtor/lianok)
Прыласкай, як можа матуля,
Абдымі і схавай мяне.
Думкі ўсе здранцвелі, паснулі -
Гэта вецер азяблы дзьме.
Правядзі мяне ў край вясновы,
Забяры, калі ласка, адсюль
За акраец духмянай мовы,
Які б'ецца ў грудзях пакуль…
Свечка —
Цень светлацелы дрэва жыцця,
Дрэва з адсечанымі сукамі,
Якія вятры з апрамецця
Паўсюль шукалі,
Каб дыхнуць на полымя забыцця.
А полымя,
Дапальваючы свой язык,
Пра тых, што згарэлі,
Недагарэлым нагадвае.
Дух продкаў,
Працінаючы недакрычаны крык,
Шэпча штосьці
З нязбытнай спагадаю.
I слухае скруха.
I надзея людзее...
Падае вобзем час
Зорнаю пацярухай.
Шчасна было пры нас,
Сыдзем – дык стане глуха.
Вылецела за сьвет
Іскра расы жаданай.
Колькі адбегла лет?
Здасца, было нядаўна.
Зьмерана безьліч вёрст,
Зьбіты нашчэнт падэшвы.
Траў пажаўцелы ворс,
Дым над зямлёй тутэйшы.
Шчодрая ўсім вятрам,
Выспай стаяла вера.
Вобак сусьветных драм
Бачацца ў вечнасьць дзьверы.
Мама,
а як ты – там?..
Стоены адвячорак.
Лепшая зь дзіўных мам...
Здасца, было ж учора.
Забяры мяне, любая мама,
У той час, у той дзень, у той міг,
Калі ўсмешка з вачэй не спадала
З маладых і вясёлых тваіх.
Я ў маленстве ізноў апынуся
І сасню зноў дзіцячыя сны,
Да жбанка з малаком прытулюся...
Мо і спраўдзяцца зрэшты яны?
Завядзі мяне, любая мама,
На той луг, дзе нас вабіў вятрак,
Ты даруй мне, што дома быў мала,
Гасцяваў на залётных вятрах.
Я ў думках дамоў прылятаю
І ў мроях хаджу басанож
Па тых сцежках палескага краю,
Дзе мілуюцца Прыпяць і Сож.
Як мы любiлi ў хованкi гуляць!
Азарт i смех злiвалiся ў адзiнстве.
Матулi вочы, здольныя схаваць,
не раз дапамагалi мне ў дзяцiнстве.
– Схавай мяне, мама!
Я маму зноў прымушана прасiць:
– Ад здрады i памылак, ад маркоты,
ад болю i жыццёвых навальнiц,
ад жорсткасцi, ад зла i ад гаркоты
схавай мяне, мама!
Мяне расстраляла фашысцкая "рама"...
Мяне расстраляла фашысцкая "рама",
Агнём кулямётным скасiла.
Пачула ўся вёска, як жудасна мама
У роспачы загаласiла.
Я ў схованку бег, у загон канапляны
З яго гаркаватым пахам.
На ўзмежку каляным
Упаў расстраляны,
Пакуль што не куляй – страхам.
Мамiны рукi жыццё мне вярнулi.
"Шчаслiвы..." – суседкi рашылi.
Цела мне кулi
Не закранулi –
Душу навылет прашылi.
У непагадзь, цемру,
Між хмурнай імжы
Божа, агеньчык адзін
У вакне зберажы.
Гарыць ён, як свечка,
Між дзён і начэй-
Святло маміных добрых
Бяссонных вачэй.
Нам – у барах гуляць.
Весяліцца і піць.
А маці ў вакно
Ўсё глядзіць і глядзіць...
І ёй не заснуць
У трывозе да ранку-
Пакуль п'яна-шчасліва
Не забразкае клямка.
Як цёплы дождж ідзе па ярыне...
Як цёплы дождж ідзе па ярыне,
Тады здаецца, што хмурынкай стала
I мае ў небе клопату нямала,
Прыслужваючы маладой вясне.
Калі імгла лашчыны ахіне,
Здаецца, стала раніцай і дбала
Зноў завіхацца, як і бывала,
Пакуль Купалка дрэмле ў баразне.
I не хапае голасу зязюлі,
I не хапае коласу святла.
I вушы слова добрага не чулі.
Прыгаслі вочы, як і дні, таксама.
І гэты свет у спадчыну дала
I закацілася, як сонца, мама.
Сказаць мне слоў апошніх не змагла...
Сказаць мне слоў апошніх не змагла.
Я не пачуў, што гаварылі вочы.
А ў мамы позірк быў такі сірочы.
I шыбы сталі з матавага шкла.
I хату ўсю завалакла імгла.
I толькі чуўся ў садзе гвалт сарочы.
Прыйшлі, як і суседкі, тыя ночы,
З якімі доўга гутарку вяла.
Была хвароба прыжывалкай ціхай,
А не было каму падаць вады.
Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай.
Смялела немач, немата панела.
Як некалі сустрэнемся, тады
Перапытаю, што сказаць хацела.
Змярканне лепіць цень да столі.
Малы, цягнуся, каб схапіць
ружовы бохан спелай поўні,
на срэбры пальцы сашчапіць.
Матулін твар усмешкай ззяе.
I шчасця шчырая сляза
як долу падае — ўзрастае
дзівоснай кветкай хараства.
I песцяць стомленыя вочы
спакой маленькага сынка...
Ужо змяніў світанак ночку,
а матчына не спіць рука.
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба сьпякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
Зь іх выпіла ў ночы бяссонныя
Сьвежасьці раньняй.
Колькі яны запалілі сьвітаньняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоньня на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сьляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зьберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасьвятлее ў хаце
I ў сэрцы.