Вершы пра маці

Мама, мацi, матуля...

Пявуння

Пявуння

Яшчэ не ацэнена

Мая матуля пець любіла вельмі,
Ад продкаў, пэўна, перадаўся дар.
Ад песен і народных і касцельных
Душа святлела, праясняўся твар.

Спявала міла так як спавівала,
Туліла сваіх дзетак да грудзей,
За прадзівам і шыючы спявала
I, расцяпліўшы печ, будзіла дзень,

Як ураджай з шнура свайго збіралі,
Здалёку спевы чуліся яе;
Заслухваліся птушкі, заміралі,
Калі, бывала ў лесе запяе.

Сваёй пявунняй ганарыўся тата:
Маладзіком вачэй не адвядзе
Ад зоркі, што ўпрыгожваючы свята
Ў застоллі шумным песню завядзе!

Што маю слых, сказаць я не бяруся,
Ды маме часам падпяваў як мог.
Віно пілі мы песен беларускіх,
Пілі мы з мамай польскіх песен мёд.